Пабіліся аб заклад
Пабіліся аб заклад. На бару ва ўрочышчы Яраш, з левага боку дарогі, да гэтага часу ляжыць горка гліны, добрых паўвоза будзе. Мой дзед Барыс гаварыў, што з’явілася гэта гліна тут вось як. Атрымалі ў Чэрняўцы гуменскія мужчыны грошы за работу, добра выпілі і слова за слова спрачацца пачалі: хто з іх колькі цаглін-сырцу з Чэрняўкі да Гумнаў данясе без адпачынку. Падышоў і Ціт: –– Данясу штук дваццаць,–– сказаў падышоўшы ў гэты час Ціт–– На гарнец гарэлкі б’юся на заклад.
Наклалі мужчыны Ціту на спецыяльнае прыстасаванне дваццаць штук сырых цаглін, узяў ён іх на плечы і подбегам пашыбаваў на Гумны. Ды так хутка, што яго таварышы ледзь паспявалі за ім. Беглі, кажуць, языкі высалапіўшы. Стаміліся страшэнна (гэта ж не смешкі 18 км у адзін бок), а Ціту хоць бы што: шыбуе наперадзе іх і не аглядваецца нават.
–– Стой, Ціт, давай адпачнём і перакусім!
А Ціт у адказ з ухмылкай: –– А вы ж сказалі, каб без адпачынку. Перахітрыць хочаце?
Засталося да Гумнаў недзе кіламетры паўтары, не больш.Забеглі мужыкі з апошніх сіл наперад, разаслалі каля дарогі світку, паклалі на рушніку закуску, паставілі гарэлку.
–– Кідай ты, Ціт, гэтую гліну. Выйграў, сядай з намі. Дома жонкі выпіць не дадуць спакойна.
Толькі тады паверыў ім Ціт. Паставіў ён цэглу на зямлю пад сасонку і прысеў побач. А тут і дождж пайшоў. Цэгла ўся і размякла. Так і ляжыць яна цяпер грудам гліны сярод дарогі.
Калі папярэдняя быль апавядае аб сіле і тэхніцы пераносу цяжару Цітам (подбегам пашыбаваў да роднай вёскі), то наступная сведчыць аб тым, што ён вельмі добра валодаў тэхнікай рукапашнага бою. (З аповеду Баравулі Адама Пракопавіча, 1928 г.н., запісана ў 1970 годзе).
|