Ціт і навасельскі чараўнік
Ціт і навасельскі чараўнік. У Старай Маталызе раней стаяла смалакурня, а каля яе была карчма, якую трымаў яўрэй. У нядзелю ў тыя часы ніхто не працаваў, людзі часцей за усё ездзілі ў госці, хадзілі ў царкву ці адпачывалі. Мужчыны збіраліся і ў карчме: выпіць, закусіць, пагаварыць, аб падзеях у свеце даведацца.
Аднойчы да стараматалыжскага карчмара ўзнадзіўся есці і піць на дармаўшчынку адзін навасельскі чараўнік (з вёскі Наваселле Бярэзінскага раёна). Прыйдзе ў карчму і з пагрозамі: — Абрамка, стаў на стол закуску і выпіўку, а то счарую і цябе, і тваіх дзяцей, і жонку, і скаціну…
Абрам (а яўрэй гэты чараўніцтва ой як баяўся!), і поіць, і корміць гэтага чараўніка і месяц, і другі… А той так абнаглеў, што сяброў пачаў з сабою калі-некалі прыводзіць. Паглядзеў Абрам, што і разарыцца так нядоўга.
Аднойчы ў нядзелю, ідучы ці то з Чэрнеўкі, ці то з Вяляціч, зайшоў у карчму Ціт. Абрам пасадзіў яго і расказаў пра сваю бяду. – Дзе той чараўнік?- спытаў падвыпіўшы Ціт.- Пакажы мне яго, Абрамка.
А чараўнік ужо на парозе і апрануты ва ўсё святочнае, белае і вышыванае. Садзіцца за асобны стол і кліча Абрама: — Абрамка, накрывай жа хутчэй стол, а не то – счарую. – Паспрабую счараваць лепш мяне,- гаркнуў з-за суседняга стала Ціт.
Згроб ён чараўніка ў ахапку, ускінуў сабе, як барана, на плечы і панёс да бочкі з дзёгцем. Акунуў адной рукой чараўніка ў дзёгаць разам з галавою, падняў над бочкай і пытае: — Будзеш чараваць? Навасельскі чараўнік маўчыць. Ціт яго яшчэ раз у бочку з галавою: — Ці будзеш чараваць? І так да таго часу, пакуль чараўнік не папрасіў літасці. З таго часу і чараваць забыўся, і ў карчму да Абрама – ні нагою. (Запісаў Баравуля М.А. ад бацькі ў 1971г.)
|